РО́ВЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ Украіны. Утворана 4.12.1939. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. 1185 тыс.чал. (1999), гарадскога 49%. Цэнтр — г.Роўна. Найб. гарады; Дубна, Здалбунаў, Кастопаль, Сарны.
Паверхня — хвалістая раўніна. Паўн. (большая) ч. занята Палескай нізінай, паўд. — Валынскім узв. (выш. да 342 м), парэзаным рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: торф. граніты, гнейсы, дыябазы, базальты, вапнякі, каалін, гліны. Радовішчы мінер. вод і тарфяных гразей. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -4,8°, ліп. 18,2—19 °C, ападкаў 600—700 мм за год. Рэкі належаць да бас.р. Дняпро: Прыпяць з прытокамі Стыр (з Іквай), Гарынь (са Случчу), Сцвіга (з Маствой). На Палессі шмат балот і азёр (Нобель, Белае і інш.). Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя і балотныя, на Пд ападзоленыя і звычайныя чарназёмы, шэрыя лясныя. Каля 38% пад лесам (хвоя, дуб, граб, ліпа, клён).
Вядучая галіна прам-сці — харч. (цукр., мясная, спіртавая, кансервавая, піваварная, малочная, масласыраробная). Прам-сць: камбікормавая; тэкст., у т. л. льняная; швейная, трыкат., галантарэйная; маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць высакавольтнай апаратуры, аўтаматызаваных станочных модуляў, абсталявання для жывёлагадоўчых ферм, гандлю, запчастак для трактароў); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, сернай кіслаты, нятканых матэрыялаў, гуматэхн. і пластмасавых вырабаў), лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая, цэлюлозна-папяровая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, шкло і інш). Апрацоўка граніту, базальту. Энергет. база — Ровенская АЭС і Дабратворская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на збожжавых, цукр. бураках, ільне, бульбе і мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 263 тыс.га. (1999). Вял. масівы асушаных зямель. У паўн. раёнах вырошчваюць бульбу, лён-даўгунец, жыта, у паўд. — азімую пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, хмель, кармавыя культуры. Развіта агародніцтва, садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Пчалярства. Рыбагадоўля. Даўж. чыгунак 588 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс.км. Асн. чыгункі Роўна—Здалбунаў—Львоў, Роўна—Сарны—Баранавічы, Шапятоўка—Здалбунаў—Роўна—Ковель, Кіеў—Сарны—Ковель, аўтадарогі Кіеў—Роўна—Львоў, Роўна—Луцк—Брэст. Суднаходства па рэках Прыпяць, Гарынь, Стыр. У г. Роўна — аэрапорт. Курорт Гарынь.